Абласны конкурс рытарычнага майстэрства

          Цікавым і захапляльным стаў абласны конкурс рытарычнага майстэрства “Гавары са мной па-беларуску” сярод вучняў IX – XI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, які ў чарговы раз праведзены на Гомельшчыне 7 снежня 2019 года.

          Арганізатарамі конкурсу з’яўляліся галоўнае ўпраўленне адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, дзяржаўныя установы адукацыі “Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі”, “Гімназія №36 г.Гомеля імя І.Мележа”. Правядзенне гэтага конкурсу стала добрай традыцыяй і сапраўдным святам для вучняў і педагогаў, якія з’яўляюцца аматарамі роднага слова.

          У конкурсе прынялі ўдзел 58 навучэнцаў, 18 з якіх з’яўляюцца вучнямі IХ, па 20 – Х і  ХI класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

        У склад журы для ацэньвання выступленняў былі запрошаны выкладчыкі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны і трэнеры абласной каманды ўдзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

        У І туры журы конкурсу ацэньвала загадзя падрыхтаванае мультымедыйнае эсэ па тэмах: “Нацыянальнае беларускае адзенне” (IX клас), “Нацыянальныя беларускія стравы” (X клас), “Нацыянальны беларускі арнамент” (XI клас).

        У другім туры пасля 15-мінутнай падрыхтоўкі ўдзельнікі конкурсу выказваліся на адну з дзвюх прапанаваных тэм, адказвалі на пытанні журы. Крытэрыямі ацэнкі былі вызначаны адпаведнасць выказвання абранай тэме, лагічнасць і будова выказвання, культура маўлення, тэхніка прамаўлення, эфектыўнасць маўлення.

        Трэці тур “Выкажы сваю думку” праходзіў у вуснай форме. Крытэрыямі ацэнкі былі вызначаны ўменне выяўляць асноўную тэматыку i праблематыку прапанаванага верша беларускага паэта, абгрунтоўваць прачытанае, вызначаць кампазiцыю, выяўленчыя сродкі выразнасці.

        Падчас правядзення конкурсу Мігаль Алена Генадзьеўна, настаўнік Хальчанскай базавай школы, правяла майстар-клас па тэме “Рэалізацыя міжпрадметных сувязей на ўроках беларускай мовы і беларускай літаратуры праз выкарыстанне QR-кодаў”, удзельнікамі якога сталі педагогі вобласці.

         Таленавітых вучняў на Гомельшчыне шмат. 26 навучэнцаў з розных раёнаў вобласці сталі пераможцамі. Яркія ўражанні, незабыўныя сустрэчы, эмацыянальны станоўчы зарад – вось пералік тых пачуццяў, якія атрымалі ўдзельнікі конкурсу.

Віншуем пераможцаў, жадаем іх настаўнікам і бацькам далейшых поспехаў!
Азнаёміцца з вынікамі ўдзелу ў конкурсе можна тут