Слайдер (рус)

Рэспубліканскі семінар-нарада

20-21 чэрвеня 2019 года на базе ДУА “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі” адбыўся рэспубліканскі семінар-нарада “Змест і арганізацыя метадычнай работы з кіраўнікамі і спецыялістамі сістэмы дашкольнай адукацыі”.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел спецыялісты ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, метадысты інстытутаў развіцця адукацыі, раённых (гарадскіх) вучэбна-метадычных кабінетаў, кіраўнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі.

У першы дзень была арганізавана выстава метадычных распрацовак па арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове, у якой прынялі ўдзел пераможцы абласнога этапу фестывалю педагагічных ідэй “Каб мова родная гучала”.

Экспазіцыя выставы ўключала сцэнарыі тэматычных тыдняў, дыдактычных гульняў, квэстаў, інтэлектуальных забаў, пасяджэнняў творчай групы педагогаў і бацькоў, вайбер-квэстаў, у тым ліку з выкарыстаннем QR-кодаў.

Удзельнікамі выставы быў адзначаны высокі ўзровень падрыхтоўкі метадычных матэрыялаў педагогамі Гомельскай вобласці.

Гомельская вобласць была адзначана дванаццаццю сертыфікатамі ўдзельнікаў рэспубліканскага фестывалю педагагічных ідэй “Каб мова родная гучала”.

На рэспубліканскім семінары-нарадзе адбыўся абмен вопытам па стварэнні моўнага асяроддзя для зносін удзельнікаў адукацыйнага працэсу на беларускай мове.

Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з навукова-метадычным забеспячэннем адукацыйнага працэсу ва ўстановах дашкольнай адукацыі ў 2019/2020 годзе, прадстаўленым Крысцінай Генрыхаўнай Гракавай, начальнікам аддзела метадычнага забеспячэння дашкольнай адукацыі навукова-метадычнай установы «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.