Урачыстае адкрыццё рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”

 27 сакавіка 2017 года Гомель сабраў удзельнікаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”.

Удзельнікамі алімпіяды з’яўляюцца 120 прадстаўнікоў з усіх абласцей рэспублікі, г.Мінска, ліцэя БДУ, а таксама навучэнцы з Літоўскай Рэспублікі і Рэспублікі Польшча.

Гасціннасць гамяльчан прадстаўнікі іншых рэгіёнаў рэспублікі і замежжа змаглі адчуць ужо на вакзале, дзе іх сустракалі куратары – прадстаўнікі ўстаноў адукацыі г.Гомеля, якія будуць суправаджаць каманды ўдзельнікаў на працягу ўсёй алімпіяды.

У Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі гасцей сустракалі з хлебам-соллю дзяўчыны ў нацыянальных касцюмах.

У актавай зале інстытута адбылося ўрачыстае адкрыццё алімпіяды. Са словамі прывітання, пажадання поспеху, перамогі, яскравых уражанняў і цікавых знаёмстваў да ўдзельнікаў алімпіяды звярнуліся Булаўкіна Ірына Уладзіміраўна, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Парошын Сяргей Іванавіч, начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, Гаўрыловіч Уладзімір Мікалаевіч, член Прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, а таксама Праскаловіч Вольга Уладзіміраўна, прафесар кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, доктар педагагічных навук, старшыня журы.

Ацэньваць работу алімпіяднікаў будзе кампетэнтнае журы, у склад якога ўвайшлі 18 навуковых супрацоўнікаў з вядучых універсітэтаў краіны.

Урачыстае адкрыццё алімпіяды выклікала шмат радасных эмоцый ва ўдзельнікаў і гасцей алімпіяды. Гэтаму спрыяла добрая творчая атмасфера і сакавітая беларуская гаворка. Фота глядзіце тут.

На працягу тыдня ўдзельнікаў чакаюць не толькі тры алімпіядныя туры, але і цікавыя мерапрыемствы.