З 30 лістапада па 1 снежня 2017 года ў Гомелі адбыўся рэспубліканскі семінар

“Падтрымка і пашырэнне сферы выкарыстання беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці: асоба, адукацыя, грамадства”. У якасці пляцовак для семінару былі абраны дзяржаўная ўстанова адукацыі “Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі”; установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны”; установа адукацыі “Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага”; “Гімназія № 36 г.Гомеля імя І.Мележа”.

Да ўдзелу ў семінары запрошаны метадысты рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, раённых вучэбна-метадычных кабінетаў; кіраўнікі метадычных аб’яднанняў настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”.

Першы дзень работы семінара пачаўся ў Гомельскім абласным інстытуце развіцця адукацыі. Да пачатку работы ўдзельнікі пазнаёміліся з матэрыяламі выстаў “Жамчужыны педагагічных ідэй Гомельшчыны” і “Ад захаплення творчасцю – да захавання мовы”. На выставах былі прадстаўлены адрасы прадуктыўнага педагагічнага вопыту рэгіёна, фотагалерэі кабінетаў беларускай мовы, музеяў і музейных пакояў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, свят і пазаўрочных мерапрыемстваў. Аб далучэнні да роднай мовы праз творчую дзейнасць паведалі арганізатары выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Тканыя Неглюбскія ручнікі, вырабы з саломкі і берасты, выцінанка былі прадстаўлены супрацоўнікамі Гомельскага дзяржаўнага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Аб тым, як можна займацца бізнесам і папулярызаваць беларускую мову, удзельнікі семінара даведаліся ад настаўнікаў-кіраўнікоў бізнес-кампаній “Спадчына” Лукскай сярэдняй школы Жлобінскага раёна і “Сувенірчыкі” Курыціцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна. Педагогі Калінкавіцкай гімназіі прадставілі выпускі рубрыкі “Размаўляем па-беларуску” гімназічных тэленавін.

Пленарнае паседжанне адкрыла Булаўкіна Ірына Уладзіміраўна, галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, якая пазнаёміла ўдзельнікаў семінара са станам выкладання беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі краіны: асноўнымі тэндэнцыямі, праблемамі і перспектывамі развіцця. Пытанні навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах “Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” раскрыла Пінголь Інга Аляксееўна, навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Навукова-метадычнай установы “Нацыянальны інстытут адукацыі” Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Аб удасканаленні педагагічнага майстэрства настаўнікаў праз павышэнне кваліфікацыі паведаміў Акушэвіч Андрэй Аляксандравіч, метадыст упраўлення вучэбна-метадычнай работы Дзяржаўнай установы адукацыі “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі”.

Прыярытэтныя напрамкі дзейнасці педагогаў па папулярызацыі беларускай мовы і пашырэнні сферы яе выкарыстання ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці асвяціла Блажко Вольга Аляксандраўна, прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.

Пасля пленарнага паседжання госці Гомельскай вобласці наведалі Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны, дзе Палуян Алена Мікалаеўна, дэкан філалагічнага факультэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, расказала аб ролі рэгіянальнага ўніверсітэта ў папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры праз узаемадзеянне “школа – каледж – інстытут развіцця адукацыі – універсітэт”.

Пасля ўніверсітэта ўдзельнікі семінара наведалі Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага. Дырэктар каледжа Валодзін Мікалай Мікалаевіч расказаў аб асноўных напрамках дзейнасці па павышэнні якасці падрыхтоўкі спецыялістаў дашкольнай і пачатковай адукацыі. Навучэнцы ўстановы прадставілі фрагмент абрада “Чырачкі”.

Пад канец першага дня работы семінара ўдзельнікі наведалі музеі. Цалка Пётр Міхайлавіч, загадчык філіяла Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярова, і Купрэева Юлія Святаславаўна, дырэктар музея гісторыі горада Гомеля, расказалі аб папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры праз правядзенне ўрокаў на базе музеяў і выкарыстанні экскурсій па гістарычных мясцінах як аднаго са сродкаў павышэння якасці падрыхтоўкі інтэлектуальна адораных навучэнцаў да алімпіяд і конкурсаў.

На другі дзень семінар праводзіўся ў гімназіі №36 г.Гомеля імя І.Мележа. Стварыць прыемную атмасферу дапамагла выстава творчых работ навучэнцаў і выступленне вакальнага ансамбля “Амялушкі”. Гардзейчык Святлана Аляксандраўна, дырэктар установы, пазнаёміла ўдзельнікаў з дзейнасцю педагагічнага і вучнёўскага калектываў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы.

Маскоўкіна Таццяна Леанідаўна, загадчык яслей-сада № 160 г.Гомеля асвяціла прыярытэтныя напрамкі работы па авалодванні выхаванцамі беларускай мовай.

З эфектыўнымі метадамі і прыёмамі работы на вучэбных занятках і ў пазаўрочнай дзейнасці, выкарыстаннем сучасных адукацыйных тэхналогій пазнаёмілі ўдзельнікаў настаўнікі беларускай мовы і літаратуры вобласці: Паляшчук Аксана Анатольеўна, настаўнік сярэдняй школы № 9 г.Мазыра, Крэч Таццяна Сяргееўна, настаўнік Акцябрскай раённай гімназіі, Беднякова Ірына Валянцінаўна, настаўнік кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” сярэдняй школы №6 г.Рагачова, Лявоненка Святлана Уладзіміраўна, настаўнік сярэдняй школы №10 г.Светлагорска. У практычную дзейнасць удзельнікі семінара ўключыліся падчас майстар-класаў, якія правялі: Мігаль Алена Рыгораўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Хальчанскай базавай школы Веткаўскага раёна, неаднаразовы пераможца абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, Есіс Яўгеній Валер’евіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №16 г.Мазыра, пераможца абласнога і ўдзельнік заключнага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” у 2017 годзе, Жгарова Валянціна Мікалаеўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст”  Камунараўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна, Казачэнка Ірына Рыгораўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-метадыст” Лельчыцкай раённай гімназіі.

Цудоўныя ўражанні і ўзнёслы настрой засталіся ў удзельнікаў семінара. Безумоўна, насычанасць форуму дала добрую магчымасцью паглыбіць свае веды, падзяліцца каштоўнымі парадамі з уласнага вопыту прафесійнай дзейнасці, а таксама паспрыяла камунікацыі паміж калегамі.